НАВАГРУ́ДСКІ ЗАВО́Д ГА́ЗАВАЙ АПАРАТУ́РЫ.
Засн. ў 1944 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. як райпрамкамбінат, з 1960 з-д «Металіст», з 1966 сучасная назва, з 1994 адкрытае акц. т-ва. У 1967 уведзены ў дзеянне цэх прылад і рэканструяваны механазборачны, у 1971 рэканструяваны цэх газавых балонаў. У 1976 асвоены выпуск парашковых вогнетушыцеляў для аўтамабіляў. З 1977 працуе цэх па вытв-сці камплектаў вузлоў і дэталей. Асн. прадукцыя (1999): газавыя балоны, апаратура (вентылі, рэдуктары, клапаны), вогнетушыцелі, газабалонныя сістэмы для аўтамабіляў, газавыя воданагравальныя калонкі і быт. прылады.
т. 11, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)